
На працягу трох дзён з 2 па 4 красавіка 2026 года ва ўстанове адукацыі “Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.І. Глінкі” адбывалася сапраўднае свята – ІV Фестываль-конкурс народнай песні “Агмень” імя А.У.Рашчынскага, арганізаваны цыклавой камісіяй “Народны хор” пры падтрымцы упраўлення культуры Мінгарвыканкама, грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз кампазітараў” і “Беларускі саюз музычных дзеячаў”.
2 красавіка ў Габеленавай зале з прывітальным словам на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выступіў дырэктар Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі А.І.Снітко, а таксама старшыня Беларускага саюза кампазітараў А.В.Атрашкевіч. У зале прысутнічала сям’я Аляксандра Уладзіміравіча: яго жонка Алена Леанідаўна і брат Валерый Уладзіміравіч.
Музычным падарункам для ўсіх удзельнікаў конкурса стала выступленне стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі народнага хору “Блiскавiца” Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі (мастацкі кіраўнік Г.Б.Мілавідава, канцэртмайстар Я.М.Мароз). У яго выкананні прагучалі творы беларускіх кампазітараў, у тым ліку апрацоўкі народных песень А.У.Рашчынскага “Туман матушка” і “Ой, у татачкі”.
2 і 3 красавіка выступленні ўдзельнікаў конкурса ацэньвала высокапрафесійнае журы, ў складзе якога былі: народны артыст Беларусі, кіраўнік ансамбля народнай музыкі “Бяседа” Л.К.Захлеўны, выкладчык Санкт-Пецярбургскага музычнага вучылішча імя М.П.Мусаргскага Ж.У.Вінаградава, старшыня цыклавай камісіі “Народны хор” Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі К.М.Славінская, мастацкі кіраўнік ансамбля “Грамніцы”, прафесар кафедры беларускай народна-песеннай творчасці і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў У.К.Зяневіч і салістка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча А.А.Воранава.

Конкурсныя праслухоўванні праходзілі ў чатырох катэгорыях. Катэгорыя А – гэта дзеці ад 12 да 15 годоў. Катэгорыя В – навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікі з Расійскай Федэрацыі (г.Санкт-Пецярбург і г.Краснадар) ва ўзросце ад 16 да 19 гадоў. Катэгорыя С – студэнты і выпускнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі рознага ўзросту ад 20-ці гадоў. І адносна новая катэгорыя D – аўтэнтычных спеваў – гэта носьбіты сапраўднай спадчыны нацыянальнай культуры (без абмежавання ўзросту ўдзельнікаў).
3 красавіка пасля конкурсных праслухоўванняў усіх катэгорый адбыўся майстар-клас выкладчыка сольных спеваў Жаны Вінаградавай (г.Санкт-Пецярбург) на тэму “Навуковыя метады вывучэння голасу і іх актуальнасць у класе сольных народных спеваў”.
І нарэшце, 4 красавіка 2026 года святочным гала-канцэртам і цырымоніяй узнагароджання пераможцаў завяршыўся IV фестываль-конкурс народнай песні “Агмень” імя А.У.Рашчынскага.
Многа шчырых словаў удзячнасці прагучала ад жонкі кампазітара Алены Рашчынскай і членаў журы конкурсу ў адрас усіх тых, хто стварае гісторыю фестываля і захоўвае традыцыі народна-песеннага выканальніцтва.
Прагучалі музычныя падарункі ад лаўрэатаў І ступені ва ўсіх прадстаўленых катэгорыях, а таксама ад гасцей гала-канцэрта, выпускнікоў каледжа – Анастасіі Булатоўскай, Анастасіі Кальман, Антона Пракапцова і Анастасіі Воранавай у суправаджэнні аркестра рускіх народных інструментаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі (мастацкі кіраўнік і дырыжор Юлія Жураўлёва).
Па выніках конкурсных выступленняў быў аб’яўлены таксама ўладальнік галоўнай узнагароды – Гран-Пры. Ім стаў юны выканаўца з горада Кобрына Аляксандр Морус.
Віншуем усіх удзельнікаў і пераможцаў! Конкурсу жадаем росквіту і даўгалецця!










Для отправки комментария необходимо войти на сайт.