Падышоў да заканчэння першы канцэртны сезон у новай сталічнай зале “Верхні горад”, што ўзнялася ад падмуркаў старадаўняга храма у гістарычным сэрцы Мінска. Чатыры вечарыны з разнастайнымі праграмамі (29 снежня, 24 сакавіка, 10 красавіка і 22 мая) прапанавала слухачам найстарэйшая музычна-адукацыйная установа краіны – Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі. Вынікі гэтага спаткання гісторыі і сучаснасці, старажытнасці і маладосці ўразілі і слухачоў, і выканаўцаў.
Сапраўдны “парад планет” выканальніцкіх магчымасцей і здзяйсненняў маладых музыкантаў, якія з юнацкай непасрэднасцю і энтузіязмам штурмуюць вяршыні прафесійнага майстэрства, разгортваўся перад зацікаўленай і чулай публікай. Навучэнцы каледжу ды іх выкладчыкі зладзілі рознагалосую і маляўнічую імпрэзу, дзе чатыры канцэрты ладна склаліся ў чатыры часткі цэласнага музычнага дзейства. Дзейства тое грунтавалася на розных плынях выканальніцкіх спецыялізацый і розных жанравых накірунках іх існавання, аднак было аб’яднана своеасаблівай, блізкай музычнай кампазіцыіі, драматургічнай логікай. Але пра ўсе – па парадку.
Частка першая. “Свет Каляднай зоркі”. Пад такой паэтычнай назвай напрыканцы мінулага года, у самы росквіт каляднага часу, адбыўся канцэрт харавых калектываў каледжу. Ён стаўся святочным і ўзнеслым музычным прынашэннем цудоўным Калядам.
Магутным харавым парталам вечарыны успрымалася Меса Франца Шуберта. Яна спалучыла высокім жанрам музычнай літургіі на старадаўні латынскі тэкст пачатак XXI стагоддзя і раннія гады хрысціянства, калі толькі стваралася евангельская легенда і ўсталёўваліся асновы храмавага рытуалу. Працяглы і складаны харавы твор першага заходнееўрапейскага кампазітара – рамантыка быў выкананы аб’яднаным калектывам (спявалі камерны хор каледжа “Канцэрціна” і маладзежны хор “Спеў Белай Русі” Адміністрацыі Партызанскага раёна , дырыжор Аляксей Снітко) прафесійна і натхнёна, на адзіным подыху.
Далейшая праграма парадавала слухачоў шэрагам стылёва і жанрава разнастайных твораў. Да згаданых выканаўцаў далучыліся яшчэ чатыры(!) харавыя калектывы: хор навучэнцаў спецыяльнасці “Спевы” — дырыжор Аляксей Снітко; спецыяльнасці ”Акадэмічны хор” – дырыжор Юлія Сікорская; спецыяльнасцей “Фартэпіяна” і “Музыказнаўства” – дырыжор Дар’я Жыгалава; вучняў сектара педпрактыкі– кіраўнік Людміла Стульская. Чаргаваліся і зліваліся тэмбры жаночага, змяшанага і дзіцячага хароў, галасы салістаў і музычных інструментаў. У адзінай святочнай колаверці спляталіся ўзвышаныя, лірычныя, жартоўныя і ўрачыстыя спевы старадаўніх і новых аўтараў – беларускіх і расейскіх, еўрапейскіх і амерыканскіх. Вечарына паступова нібы набірала ход, каб “выбухнуць” грандыёзнай кульмінацыяй агульнай радасці і весялосці ў калядным перазвоне знакамітай “Jingle Bells”, што аб’яднала на сцэне ўсіх удзельнікаў канцэрта.
Так, адпаведна святочнаму часу і даўняй гістарычнай традыцыі харавых спеваў на Божае Нараджэнне, буйны і разнастайны харавы пралог адкрыў “канцэртную тэтралогію”.
Частка другая. “Іграем у ансамблі”. Рамантыкай старадаўней сядзібы, веснавым водарам квітнеючага бэзу, юнацкім прадчуваннем кахання, новых сустрэч і даляглядаў жыцця быў прасякнуты наступны канцэрт. Паэтычны настрой задаўся адразу — вакальным і фартэпіянным дуэтамі з музыкай Глінкі і Вэбера, лірычнымі вершавымі прадмовамі вядучай канцэрта Ірыны Лук’янавай. Настрой гэты падтрымліваўся і мацнеў з эмацыйна прыўзнятым гучаннем рамантычных твораў К. Шыманоўскага, С. Ядассона, Г. Свірыдава для класічных складаў інструментальных дуэтаў і трыа. Ён адцяняўся танцавальнымі рытмамі больш сучаснай музыкі, якую выконвалі ансамблі духавых і перкусіі. Яго нібы перастваралі на свой лад набліжаныя да эстраднага шоу выступленні ансамбляў віяланчэлістаў і скрыпачоў.
Ансамблевая ігра – асаблівы стан выканальніцтва. Прыцягальны, бо дае магчымасць сумеснага музіцырвання, і па-свойму складаны, бо трэба ў гэтай сумеснай творчасці знайсці пэўны тон партнёрскіх адносін. Знойдзены ў канцэрце “генеральны” тон лірычнага дыялогу як паміж самімі выканаўцамі, так і паміж музыкамі і слухачамі найлепшым чынам спрыяў той атмасферы юнацкіх мрояў і пачуццяў, што лунала ў зале ўвесь вечар.
Частка трэццяя. “Вясновы калейдаскоп”. Пасля часткі лірычнай, адпаведна законам класічнага цыкла, надышла чарга жартоўна-жанравага, зухаватага скерца. “Гульнёвыя забавы чалавецтва”, паводле акадэміка Б.Асаф’ева, увасабляюць адпаведныя часткі санат ды сімфоній. Атмасфера бліскучай віртуознай ігры і гульні – ў самым шырокім сэнсе гэтых слоў — панавала ў трэцім канцэрце. Прадстаўнікі найстарэйшай у каледжы спецыяльнасці дэманстравалі сваё майстэрства ў валоданні народнымі інструментамі. Гучала музыка і традыцыйнага для іх песенна-танцавальнага кшталту, і класіка-рамантычная, і са складанай ультрасучаснай стылістыкай, і эстрадна-джазавага накірунку. Баян, акардыён, цымбалы, балалайка, гітара, домра ды мандаліна вялі рэй.
На сцэну выходзілі даўно створаныя і вядомыя ў сталіцы і ў краіне ансамблі цымбалістаў “Беларусачка”(кіраўнік — Людміла Чысціліна-Кулакова) і “Залатая струна” (кіраўнік — Ганна Полесава), маладзейшы, але ўжо знакаміты ансамбль “Take style”(кіраўнік — Таццяна Іванова). Асаблівая ўвага слухачоў ды іх сімпатыі былі скіраваныя на салістаў. Усе яны паказалі сябе адданымі музыцы і натхнённымі выканаўцамі, выклікаўшы бурныя апладысменты залі . Дарэчы, большасць удзельнікаў канцэрта мае званні лаўрэатаў і дыпламантаў музычных конкурсаў. Лепшыя з лепшых нядаўна зноў падцвердзілі статус сапраўдных віртуозаў: Віктар Макаранка, Максім Кірыкаў і Анжаліка Невар занялі адпаведна першае, другое і трэццяе месцы ў VI Рэспубліканскім конкурсе імя І. Жыновіча.
Частка чацвертая. Фінал. У канцэрце “Да вяршыняў майстэрства” выступілі лепшыя з навучэнцаў каледжа – лаўрэаты і дыпламанты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Яны ўразілі артыстычным і прафесійным выкананнем складаных твораў сусветнай музычнай класікі. Тут былі арыі з опер і віртуозныя інструментальныя фантазіі, высокая поліфанія і лірычныя п’есы. Надзвычнай выразнасцю захапілі выступленні спевакоў Вольгі Маліноўскай, Дзмітрыя Янчанкі, Дзмітрыя Мулярчыка (лаўрэатаў сёлета адроджанага Адкрытага конкурса маладых спевакоў “Убельская ластаўка” імя Станіслава Манюшкі), Алены Тацьянок. І нават калі не ўсё ў маладых выканаўцаў выходзіла ідэальна, публіка з павагай і шчырай падзякай прымала ўменне перамагчы сябе, пераадолець хваляванне і давесці да слухача пэўны музычны вобраз.
Дрэнны той салдат, які не хоча стаць генералам. Каб гэткая мара здзейснілася ў галіне музычнага выканальніцтва, трэба прайсці доўгі і цяжкі шлях, на якім аб’ядноўваюцца намаганні педагога і вучня, і талент абодвух памнажаецца на карпатлівую штодзенную працу. Удзел у конкурсах, канцэртах, фестывалях – неабходныя прыступкі на шляху да вяршыняў майстэрства. Гэта і мера прафесійных дасягненняў, пра якія сведчаць не толькі медалі і дыпломы, а найперш — неабыякавасць публікі ў канцэртнай зале, яе радасць ад сустрэч з новымі імёнамі таленавітай музычнай моладзі.
Алена Каляда
Варыянт артыкула апублікаваны ў газеце “Літаратура і мастацтва” №25(4671) 22 чэрвеня 2012 г.
#1 by цигун практика on 29.08.2013 - 7:50
Quote
Решил помочь и разослал пост в социальные букмарки. Надеюсь поднимется популярность
#2 by продукты здорового питания оптом on 28.09.2013 - 13:02
Quote
Спасибо вам за сайт, очень полезный ресурс, мне ВСЁ-ВСЁ-ВСЁ здесь очень нравится…