21 снежня 2012 года, напярэдаднi калядных святкаванняў, у нашым каледжы адбыўся канцэрт-прэзентацыя серыi выданняў «Музычная спадчына Рэчы Паспалiтай з Расiйскай Нацыянальнай бiблiятэкi», у якiм браў удзел аўтар i кiраўнiк серыi беларускі кампазітар Яўген Паплаўскi. Мерапрыемства прайшло ў камернай i цёплай атмасферы. Гэтаму ў большасцi паспрыялі асоба Яўгена Паплаўскага — чалавека адкрытага, шчырага i вельмi натхнёнага сваей справай, які спалучае ў сабе творцу-кампазiтара, даследчыка, публiцыста-асветнiка і фiлосафа – і вядучая канцэрта, музыказнаўца Алена Каляда.
Нарадзіўся Яўген Паплаўскі 20 верасня 1959 года ў мястэчку Поразава Гродзенскай вобласці. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па класу кампазiцыi ў 1986 годзе. Яго настаўнiкамi былi Ігар Лучанок і Дзмітрый Смольскi. Стажыраваўся пад кіраўніцтвам Сяргея Сланімскага ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі і таксама браў удзел у майстар-класах Тон дэ Леюва. Творы Я. Паплаўскага – інструментальныя, вакальныя, электраакустычныя — выконваюцца на міжнародных фестывалях сучаснай музыкі ў Нідэрландах, Італіі, Іспаніі, Чэхіі, Польшчы, Аргенціне, Бразіліі, Расіі і ЗША.
Яўген Паплаўскі актыўна цікавіцца гісторыяй музычнага жыцця на Беларусі. Ен быў адным з заснавальнікаў і дырэктарам (да 1996) Нацыянальнага тэатральна-канцэртнага аб’яднання «Беларуская Капэла» (створана ў 1992 годзе), мэтай якога з’яўляецца пошук, вывучэнне і ўвядзенне ў выканальніцкую практыку старадаўняй беларускай музыкі. Актыўна і плённа працаваў у архівах бібліятэк Лондана, Кракава, Варшавы, Познані, Гданьска і Санкт-Пецярбурга.
Я.Паплаўскі з вялікім запалам апавядаў аб музычнай спадчыне нашай краіны. Дзякуючы яму мы маем сёння оперу Дж. Пазіелы “Уяўная каханка”, якая была спецыяльна напісаная даля сустрэчы ў Шклове караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага і імператрыцы Кацярыны ІІ. Праз некаторы час ім былі знойдзены клавір і партытура оперы “ Фауст” Антонія Генрыха Радзівіла, клавір оперы “Маргер” Канстанціна Горскага. Таксама, дзякуючы Я. Паплаўскаму, знойдзена і апублікавана шмат інструментальнай музыкі, асабліва творы Напалеона Орды, братоў Ельскіх, Канстанціна Горскага. На працягу ўсёй сустрэчы Паплаўскі з цікавасцю прадстаўляў тых беларускіх кампазітараў, чые творы выдадзены ў прэзентаванай серыі. Яго аповед суправаджаўся відыё-ілюстрацыямі, дэманстрацыяй копій старажытных рукапісаў, пячатных выданняў і партытур. Такім чынам, Яўгену Паплаўскаму мы абавязаны выданнем за апошнія некалькі гадоў 11 нотных зборнікаў беларускай музыкі, аб якіх і ішла гаворка на нашым мерапрыемстве. Сшыткі і творы, якія прэзентаваў складальнік, маюць вялікае значэнне і для айчцыннай музычнай гісторыі, і для сучаснага педагагічнага працэсу. Дзякуючы ім магчыма пашырэнне рэпертуару навучэнцаў выканальніцкіх спецыяльнасцей і больш зацікаўленае і глыбокае вывучэнне беларускай музыкі.
Да гэтай сустрэчы навучэнцы нашага каледжа падрыхтавалі невялікую канцэртную праграму. Прагучалі камерныя творы нашых знакамітых суайчыннікаў – Канстанціна Горскага, Міхала і Аляксандра Ельскіх, Напалеона Орды – з тых, што прадстаўлены ў выданнях Я. Паплаўскага.
У канцэрце гучалі і творы самаго Яўгена Паплаўскага — 2 хора “Зорка Бэтлеемска” і “Дзень калядны, слаўны” з цыкла “На Нараджэнне Хрыстова і Каляды”. Яны былі выкананы хорам навучэнцаў спецыяльнасці “Акадэмiчны хор” пад кіраўніцтвам Юліі Аляксандраўны Сікорскай.
Напрыканцы мерапрыемства Яўген Паплаўскі сардэчна падараваў нашаму калледжу ўсе адзінаццаць нотных выданняў серыі “Музычная спадчына Рэчы Паспалітай з Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі”, разам з выданнямі і дыскамі аўдыазапісаў сваей музыкі.
Мы спадзяемся, што гэта не апошняя сустрэча з беларускім даследчыкам і кампазітарам у нашым каледжы. Вядома, што наступнае мерапрыемства з яго ўдзелам запланавана на травень наступнага года у час тыдня цыклавой камісіі “Акадэмічны хор”, дзе Яўген Паплаўскі, будучы выкладчыкам харавой аранжыроўкі ў БДУК, падзеліцца таямніцамі майстэрства ў гэтай галіне.
М. Місюра, М. Сабалеўская (навучэнцы спецыяльнасці “Музыказнаўства”)
Для отправки комментария необходимо войти на сайт.