16 верасня 2017 года ля сцен Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь адбыўся заключны канцэрт агульнарэспубліканскай акцыі «Харавое веча», арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам.
Мэта свята — прадставіць нацыянальную культуру скрозь прызму часу, паказаць песенную спадчыну беларускага народа. У канцэрце прынялі ўдзел 78 вядучых прафесійных, аматарскіх, дзіцячых і студэнцкіх харавых калектываў з розных рэгіёнаў краіны; 2,3 тысячы спевакоў сабраліся разам, каб саткаць сваімі галасамі грандыёзнае агульнае музычнае палатно.
Гала-канцэрт доўжыўся больш як дзве гадзіны. Прагучала 25 харавых вакальных нумароў – жаночых, мужчынскіх, дзіцячых, змешаных, а капэла, з суправаджэннем. Сярод харавых калектываў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўдзел у гала-канцэрце прынялі харавыя калектывы Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі: народны хор (кір. Ганна Мілавідава), змешаны хор напрамку спецыяльнасці «Спевы акадэмічныя» (кір. Кіра Славінская), жаночы хор «Мелодыка» (кір. Вольга Крыпец).
Сёлета “Харавое веча” праводзілася пры садзейнічанні Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. Са словамі прывітання да ўдзельнікаў і гледачоў харавога свята звярнуліся першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь І.У. Дрыга, намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта І.В. Юркевіч і начальнік упраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь А.М. Мацюшонак.
Заключнаму этапу акцыі ў Мінску папярэднічалі мерапрыемствы, якія прайшлі ў маі ў Брэсце, Маладзечне, Магілёве, Віцебску, Мінску і Гомелі. У гэтых гарадах адбыліся серыі канцэртаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча, а таксама майстар-класы народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Дрынеўскага і ініцыятара акцыі, дацэнта кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Тамары Слабодчыкавай.
Праграма гала-канцэрта ахоплівала музычна-песенную культуру Беларусі, пачынаючы з XVI стагоддзя да твораў сучасных беларускіх кампазітараў. Абрамленнем гала-канцэрта сталі песні кампазітара Уладзіміра Алоўнікава. Адкрыўся канцэрт гімнам гораду, яго 950-гадоваму юбілею — «Песняй пра Мінск», дырыжор — Аляксей Іванавіч Снітко. Асноўная ідэя гала-канцэрта сугучна вершам беларускага песняра Янкі Купалы «Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына …»: спадчына ў розныя перыяды жыцця дзяржавы, як напамін кожнаму з нас зберагчы і прымножыць скарб, пакінуты мінулымі пакаленнямі. Гэты заклік прагучаў ва ўвесь голас у выкананні песні І. Лучанка на сл. Я. Купалы «Спадчына», дырыжор Наталля Міхайлава.
«Падарожжа ў часе» па старонках гісторыі краіны ахапіла:эпоху Рэнесанса і ранняга барока (кант «Успамажы, Божа»),падзеі на рубяжы XVIII — XIX стагоддзяў (Паланэз М.-К. Агінскага «Развітанне з Радзімай»),пачатак XX стагоддзя і выхад на вялікую сцэну народных песень, упершыню прадстаўленых у п’есе Янкі Купалы «Паўлінка» («Што за месяц, што за ясны», «Як правёў мяне Цімох»).Тэма рэвалюцыі загучала ў маршы з «Патэтычнай араторыі» Георгія Свірыдава; аб рамантыцы былых часоў, чырвоным сцягу і белым ветразі, гераізме салдат у гады Вялікай Айчыннай вайны спявалі тысячы хлапечых галасоў зводнага хору. Тэма Вялікай Айчыннай вайны, падполля, памяці знайшла свой працяг у песні Марыны з кінафільма «Гадзіннік спыніўся апоўначы» — дырыжор Іна Маргачова, «Беларусь партызанская» — дырыжор Міхаіл Дрынеўскі, «Салаўі» — дырыжор Аляксей Снітко.
Гістарычны калейдаскоп пасляваенных падзей, палёту чалавека ў космас, інтанацый народных песень на сучасным этапе («Радзіма чуе» Д. Шастаковіча — дырыжор Інэса Бадзяка, «Вяснянка» А. Мдзівані — дырыжор Тамара Слабодчыкава, «Белавежская пушча» А. Пахмутавай — дырыжор Наталля Суханова, «Саўка ды Грышка» — дырыжор Вольга Крыпец) завяршыўся апафеозам патрыятызму — заключнай песняй У. Алоўнікава «Радзіма мая дарагая», якой дырыжыраваў галоўны хормайстар гала-канцэрта Міхаіл Дрынеўскі. Песня прагучала ў выкананні зводнага хору ўдзельнікаў канцэрта і сімфанічнага аркестра Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, дырыжор Вячаслаў Чарнуха-Воліч.
Многія песенна-харавыя шэдэўры беларускай, рускай і савецкай музыкі былі вядомыя і любімыя шырокай аўдыторыі слухачоў: «Ой, пры лужку» (з кінафільма «Вяселле ў Малінаўцы»); песні ваенных гадоў, якія набылі статус народных — «Праводзіны» («Як родная мяне маці праводзіла»); «Салаўі», саліст Андрэй Мацюшонак, дырыжор Аляксей Снітко, «Нёман» (муз. Н.Сакалоўскага, сл. А.Астрэйкі) — гімн роднай зямлі, яе невычарпальнай жыватворнай сіле, якая перадавалася народу, саліст — Вячаслаў Міналькін, дырыжор Віталь Раўз. Гледачы свята спявалі гэтыя песні разам з харыстамі, кожны мог стаць яго суўдзельнікам.
Агульнарэспубліканская акцыя “Харавое веча” стартавала ў 2015 годзе. Тады яна праходзіла каля храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску, сабрала каля 2 тысяч удзельнікаў і завяршылася грандыёзным фінальным гала-канцэртам з урачыстай “Малітвай за Беларусь”. Відавочна, што сёлетняе свята атрымалася яшчэ больш велічным і масштабным. А значыць, традыцыя будзе працягвацца.
Наталля Кардашова
Для отправки комментария необходимо войти на сайт.