gazeta133Дзейнасць Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі была адзначана ў выданні «Настаўніцкая газета» наступным артыкулам.

Народныя артысты Беларусі Эдуард Зарыцкі, Міхаіл Фінберг, Якаў Навуменка, заслужаныя артысты Віктар Скорабагатаў, Марыя Маршак (Дзенісеня), Алег Мельнікаў… Гэтых людзей аб’ядноўваюць не толькі высокія дасягненні ў айчыннай культуры: усе яны выпускнікі Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі. Пра тое, як пабудаваны вучэбны і творчы працэс ва ўстанове, расказаў дырэктар Уладзімір Міхайлавіч ЧЭРНІКАЎ.

Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.І.Глінкі — адна з самых буйных музычных устаноў адукацыі краіны. Заснаваны ў 1924 годзе, тады яшчэ Мінскі музычны тэхнікум адыграў выключную ролю ў развіцці нацыянальнага музычнага мастацтва, стаў “бацькам” творчых калектываў, арганізацый і музычна-культурных і адукацыйных устаноў. Яго амаль векавая гісторыя — адлюстраванне станаўлення і развіцця айчыннай музычнай культуры, адукацыі і выканання.

bnlez-5Навучанне ў каледжы ажыццяўляецца па 5 спецыяльнасцях і 6 напрамках на аснове агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі. У першым выпадку гэта спецыяльнасці “Дырыжыраванне (акадэмічны хор)”, “Дырыжыраванне (народны хор)”, “Інструментальнае выкананне (фартэпіяна)”, “Інструментальнае выкананне (аркестравыя струнна-смычковыя інструменты)”, “Інструментальнае выкананне (аркестравыя духавыя і ўдарныя інструменты)”, “Інструментальнае выкананне (інструменты народнага аркестра)”, “Музыказнаўства” і “Мастацтва эстрады (інструментальная музыка)”. У другім — “Спевы акадэмічныя”. Менавіта дзвюма апошнімі спецыяльнасцямі найбольш цікавяцца абітурыенты. Гэта, па словах Уладзіміра Міхайлавіча, абумоўлена тым, што згаданыя напрамкі актыўна папулярызуюцца ў сродках масавай інфармацыі.

Сёлета на бюджэт плануецца набраць 88 чалавек. Уступныя экзамены па большасці спецыяльнасцей складаюцца з выканання праграмы і экзамена па сальфеджыа. Прахадны бал пры паступленні ў каледж складаецца з сярэдняга бала пасведчання аб базавай адукацыі або атэстата і атрыманых балаў на ўступных экзаменах. Год ад году прахадныя балы змяняюцца ў залежнасці ад конкурснай сітуацыі і канкурэнтаздольнасці абітурыентаў.

Сёлета права паступіць ва ўстанову без экзаменаў на адпаведныя спецыяльнасці культуры і мастацтва маюць пераможцы (гран-пры, дыпломы I, II, III ступені) XV Міжнароднага дзіцячага конкурсу “Музыка надзеі” (снежань 2017 года) у намінацыях “Скрыпка”, “Віяланчэль”; XIV Міжнароднага дзіцячага конкурсу “Музыка надзеі” (снежань 2016 года) у намінацыі “Фартэпіяна”; XI Рэспубліканскага адкрытага мастацкага конкурсу (лістапад 2016 года), VIII Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.І.Жыновіча (красавік 2018 года), Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі (чэрвень 2018 года). Адпаведная льгота прадугледжана для асоб, якія ў перыяд за два гады да паступлення былі ўзнагароджаны нагруднымі знакамі “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў” ці “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі” за творчыя дасягненні ў сферы культуры, якія паступаюць на адпаведныя спецыяльнасці і маюць высокія дасягненні па асобных прафесійных прадметах.

bnlez-3— Магчымасці музычнага развіцця дзяцей і падлеткаў у нашай краіне дастаткова шырокія. Гэта не толькі ўрокі музыкі ў агульнаадукацыйных школах, заняткі ў творчых гуртках і калектывах, але і магчымасць атрымаць пачатковую музычную адукацыю ў дзіцячых школах мастацтваў на высокім прафесійным узроўні, — адзначыў Уладзімір Міхайлавіч. — Самае важнае на гэтым этапе — захаванасць сістэмы музычнага выхавання і адукацыі, якая за вялікі прамежак часу добра сябе зарэкамендавала. А галоўныя яе якасці — сістэмнасць навучання і даступнасць атрымання.

Пра гэта сведчыць і геаграфія навучэнцаў: трэцяя частка іх — іншагароднія юнакі і дзяўчаты, замежныя грамадзяне. У каледжы вучацца прадстаўнікі Расіі, Украіны, Казахстана, Арменіі і Кітая. А сёлета цікавасць да навучання ва ўстанове выказалі абітурыенты з ЗША і Туркменістана.

Прыём дакументаў у каледж адбудзецца з 20 ліпеня па 3 жніўня (на ўсе спецыяльнасці) і з 20 ліпеня па 9 жніўня на спецыяльнасць “Спевы акадэмічныя”. Уступныя іспыты пройдуць з 4 па 8 жніўня, на спецыяльнасць “Спевы акадэмічныя” — з 10 па 12 жніўня.

Вучэбны корпус Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі змяшчае вялікую колькасць аўдыторый як для індывідуальных, так і для групавых заняткаў, 4 канцэртныя залы, бібліятэку з фондам нотнай і вучэбнай літаратуры, фанатэку, шматфункцыянальную спартыўную залу, майстэрню па рамонце і настройцы музычных інструментаў і лабараторыю гуказапісу. Падрыхтоўку спецыялістаў забяспечвае прафесіянальны калектыў выкладчыкаў і канцэртмайстраў, большасць з якіх — спецыялісты вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыі.

bnlez-4— Многія выкладчыкі ў мінулым выпускнікі нашага каледжа. Пераемнасць традыцый стала адной з важных тэндэнцый развіцця ўстановы, — заўважыў Уладзімір Чэрнікаў. — Падчас навучання хлопцы і дзяўчаты набываюць не толькі прафесійныя навыкі і кампетэнцыі, але і далучаюцца да культурных традыцый і маральных каштоўнасцей музычнага мастацтва. Выкладчыкі аказваюць значны ўплыў на станаўленне будучых спецыялістаў. Кожны выкладчык — гэта асоба, якая фарміруе вакол сябе ўнікальнае выхаваўчае творчае асяроддзе. І менавіта ў гэтым асяроддзі фарміруецца педагогіка супрацоўніцтва, важнай рысай якой трэба лічыць актыўнасць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Дысцыпліны, якія вывучаюцца ў каледжы, дзеляцца на агульнаадукацыйны (мова, літаратура, гісторыя, грамадазнаўства, асновы права), прыродазнаўча-матэматычны (матэматыка, фізіка, хімія, астраномія) і прафесійны кампаненты. Апошні, у сваю чаргу, уключае агульнапрафесійны (“Гармонія”, “Сальфеджыа”, “Сусветная музычная літаратура”, “Беларуская музычная літаратура”, “Педагогіка”, “Псіхалогія”) і спецыяльны цыкл (“Спецыяльны інструмент”, “Дырыжыраванне”, “Аркестравы (харавы) клас”, “Методыка выкладання” і інш.).

Асноўнай часткай вучэбнага працэсу — замацаванне атрыманых ведаў на практыцы. Для навучэнцаў галоўнай пляцоўкай тут стаў Цэнтр практыкі каледжа. Таксама для павышэння прафесійнага ўзроўню практычнага навучання ўстанова заключае дагаворы з культурнымі і адукацыйнымі ўстановамі горада, дзе маладыя людзі спрабуюць свае сілы.

Штогод выпускнікамі каледжа становяцца каля 80 чалавек. Кожнаму з іх прадастаўляецца першае месца працы ва ўстановах культуры і адукацыі. Акрамя таго, выпускнікі Мінскага музычнага каледжа працягваюць творчую дзейнасць у прафесійных музычных калектывах Беларусі, сярод якіх Дзяржаўны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнцкі аркестр пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна, Канцэртны аркестр “Няміга”, Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча і інш.

Больш за палову выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа працягваюць навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі (Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Маскоўская дзяржаўная кансерваторыя імя П.І.Чайкоўскага, Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных).

Скарбонка дасягненняў навучэнцаў каледжа папаўняецца з зайздроснай хуткасцю. Толькі за апошні вучэбны год яны атрымалі больш за 120 дыпломаў конкурсаў гарадскога, рэспубліканскага і міжнароднага значэння. Творчыя калектывы каледжа наведалі Аўстрыю, Італію, Літву, Латвію, Польшчу, Расію, Румынію і Украіну. Па словах дырэктара Уладзіміра Чэрнікава, у конкурсах прымаюць удзел як асобныя навучэнцы-салісты, так і групы. Напрыклад, аркестр беларускіх народных інструментаў каледжа стаў лаўрэатам I ступені X Юбілейнага міжнароднага конкурсу выканаўчага майстэрства “Санкт-Пецярбургскія асамблеі мастацтваў”, канцэртны хор — лаўрэатам II ступені фестывалю царкоўнай харавой музыкі “Гайнаўка-2018” (Беласток, Польшча) і быў прадстаўлены да заахвочвання ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай моладзі. А на Міжнародным конкурсе “Арфей” (Тыргу-Жыу, Румынія) навучэнцы спецыяльнасці “Спевы акадэмічныя” перамаглі ў дзвюх намінацыях, а прадстаўнікі спецыяльнасці “Інструментальнае выкананне” былі узнагароджаны дыпломамі І і ІІ ступені.

bnlez-1Некалі сумаваць у сценах установы навучэнцам каледжа і ў пазаўрочны час. Па іх ініцыятыве тут праходзяць усемагчымыя творчыя конкурсы, капуснікі, спартыўныя спаборніцтвы, экскурсіі і трэнінгі. А найбольшую цікавасць моладзь выказвае да арганізаваных майстар-класаў і творчых сустрэч з выбітнымі прадстаўнікамі культуры і мастацтва. Таму, для хлопцаў і дзяўчат ладзяць традыцыйныя мерапрыемствы і праекты: “Святло каляднай зоркі” (канцэрты, творчыя сустрэчы з дзеячамі харавога мастацтва), “Да вяршынь творчасці” (канцэрты, творчыя сустрэчы і майстар-класы дзеячаў у галіне музычнага мастацтва), “Творцы музычнай эпохі XX—XXI стст.: кампазітары, інтэрпрэтатары, даследчыкі”, “Вялікія імёны і памятныя даты”, “Сустрэчы ў музычнай гасцёўні”.

Для будучых абітурыентаў каледж таксама праводзіць шэраг мерапрыемстваў. Сярод іх — адкрыты дзіцячы конкурс камерных ансамбляў “Струны Арфея” (у ім прымаюць удзел ансамблі ўдзельнікаў — дуэт, трыа, квартэт, квінтэт — з дзіцячых школ мастацтваў, агульнаадукацыйных школ і інш.) і Мінскі адкрыты конкурс харавых калектываў, вакалістаў і вакальных ансамбляў “Вясновы спеў”. Адным з самых яркіх і ўнікальных праектаў у музычным жыцці горада можна па праве лічыць “Аркестравы маладзёжны форум”.

— Першы форум прадэманстраваў магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне культуры і мастацтва. А другі форум, які прайшоў у сакавіку гэтага года, быў накіраваны на аб’яднанне маладых музыкантаў-удзельнікаў, — расказаў Уладзімір Чэрнікаў.

У Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.І.Глінкі перакананы, што кожны навучэнец і выпускнік павінен быць мэтанакіраваным, працавітым і любіць выбраную прафесію. І менавіта агульныя высілкі маладых людзей і выкладчыкаў ствараюць перадумовы для вялікіх музычных поспехаў.

Ірына ІВАШКА.