21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны UNESCO 17 лістапада 1999 года. Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта.

Cёння у свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе. Каб такога не здарылася, у нашым каледжы штогод ярка і маляўніча адзначаецца гэта свята з мэтай папулярызацыі роднай беларускай мовы. Гэты год не стаў выключэннем.

21 лютага 2022 года ў Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя М. І. Глінкі прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да Міжнароднага дня роднай мовы. Гэта выстава-конкурс плакатаў «Дыяменты роднай мовы», у якім навучэнцы выявілі з дапамогай малюнкаў сваё разуменне каштоўнасці слоў матчынай мовы. А таксама інтэлектуальная гульня «Беларусь — гэта мы», конкурс «ФЭСТ» і «Моўны турнір», дзе навучэнцы-першакурснікі спаборнічалі паміж сабой у  веданні беларускай мовы, гісторыі, фальклору. Каманды ў напружанай барацьбе стараліся заваяваць перамогу ў конкурсах.

Як і ў папярэднія гады гэтыя мерапрыемствы праводзіліся сярод навучэнцаў малодшых курсаў, а вядучымі і членамі журы былі старшакурснікі. Такая традыцыя дапамагае развіццю камунікатыўных якасцей навучэнцаў, выхаванню пачуцця калектывізму, узаемадапамогі, а таксама садзейнічае ўмацаванню сувязей і пераемнасці паміж пакаленнямі.