23 лютага мы не толькі ўзгадваем гераічныя подзвігі продкаў, але і аддаём даніну мужнасці і высакароднасці тым, хто сёння захоўвае наш спакой..

Дзень вялікай памяці, памяці аб героях, аб нашых байцах, аб тых, хто абараняў нашу краіну і змагаўся з ворагамі. У гэты дзень мы віншуем тых, хто застаўся жывы, смуткуем па тых, каго ўжо няма з намі. 23 лютага — для кожнага асабістае свята. 

У музычным каледжы імя М.І.Глінкі ў гэты дзень адбыўся канцэрт – літаратурна-музычная кампазіцыя  “Нам памяць нашу не сцерці гадамі”. Мерапрыемства было  прымеркавана да гэтага свята – Дзень абаронцаў Айчыны. Вядучым канцэрта быў Піменаў Яўген Уладзіміравіч. Прагучалі музычныя творы і вершы беларускіх аўтараў, сачыненні нашых навучэнцаў, а таксама гісторыі сем’яў, якіх не абмінула вайна. Аркестр рускіх народных інстументаў пад кіраўніцтвам Віталя Ігаравіча Дубовіка выконваў кожны музычны твор з такой адданасцю, быццам пражываў яго на сцэне!

Ад пачатку да самага канца ў зале стаяла напружаная цішыня. Кожны нумар, кожны верш, які гучаў са сцэны, трывогай і болем адгукаўся ў душы ўсіх прысутных, сярод якіх была Ларыса Васільеўна Глебава — жонка беларускага кампазітара  Яўгена Глебава, песня якога “Прыходзяць  з памяці равеснікі” вельмі пранікнёна прагучала ў выкананні навучэнкі 4 курса спецыяльнасці “Спевы акадэмічныя” Марыі Шыдлоўскай. Удзельнікі канцэрта — навучэнцы каледжа вельмі эмацыянальна перадавалі настрой і характар твораў, прымушаючы гледачоў плакаць ад болю і жаху, які прынесла Вялікая Айчынная вайна.  

Вядомыя песні гучалі ў выкананні салістаў- Віктара Шалыганава (Л.Захлеўны “Поле памяці”, І.Лучанок “Пісьмо з 45-га”), Дзмітрыя Смалонскага (Б.Бернштэйн “Балада пра фатакртку”, Максіма Кончыца (Дз.Смольскі “Абеліскі”) і Аксінні Мінянковай (В. Мінянкова “Запозненая калыханка”). Свае выдатныя артыстычныя здольнасці выявілі чытальнікі Яна Андрэюк, Ліда Нарыжнава, Павел Саснок, Вікторыя Татур, Марыя Ясюкевіч. У іх выкананні прагучалі вершы П.Панчанкі, Я.Янішчыц, Е.Лось, Г.Кляўко і інш. беларускіх паэтаў. 

Тэма выйны, гістарычнай памяці  не сыходзіць са старонак кніг, часопісаў, газет, з экранаў тэлевізараў… Мы памятаем аб гэтым жудасным часе і не павінны ніколі забываць гэтага. Выправіць гісторыю немагчыма, але ведаць яе, помніць, цаніць сваё і чужое жыццё,  паважаць іншых людзей — гэта наш абавязак. Гэта тое, чаго зараз не хапае ў свеце! Тое, што зараз хвалюе людзей. Мы не павінны дапусціць паўтарэння гэтай трагедыі ў сучасным свеце!