24 лютага ў Габеленавай зале МДМК імя М. І. Глінкі адбыўся аўтарскі канцэрт кампазітара Дзмітрыя Лойкі “VARIIS MODIS

Канцэрт прайшоў з вялікім поспехам, было шмат гасцей, у тым ліку  сябры і калегі Дзмітрыя Аляксандравіча, выкладчыкі і навучэнцы нашага каледжа, сярод якіх шмат вучняў кампазітара, а таксама настаўнікі і вучні дзіцячых школ мастацтваў г. Мінска.

Дзмітрый Лойка – лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладар прэміі спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, магістр мастацтвазнаўства, сябра Беларускага саюза кампазітараў і Беларускага саюза музычных дзеячаў, а галоўнае – наш шаноўны настаўнік. Дзмітрый Аляксандравіч – асоба разнастайная, шматгранная і, безумоўна, таленавітая, таму ў нашым каледжы ён займае асобае месца. Ён з’яўляецца выкладчыкам кампазіцыі, інструментазнаўства, інструментоўкі, а таксама дапамагае нашым навучэнцам асвойваць музычныя праграмы і нотныя рэдактары. 

Кожны год у сцянах каледжа праходзяць канцэрты музычных твораў навучэнцаў класа Дзмітрыя Аляксандравіча. Некаторыя з іх вырашылі пайсці па шляху свайго настаўніка і выбралі прафесію кампазітара. Сярод іх Елізваета Лобан, Вікторыя Бараноўская, Ягор Бандаровіч, Уладзімір Жукоўскі. Выпускнікі з вялікім поспехам асвойваюць гэтую творчую музычную прафесію у вузах нашай краіны і за яе межамі, а некаторыя ўжо працуюць  у ёй,  ды на ніве музычнай адукацыі. Адначасова з педагагічнай дзейнасцю, Дзмітрый Лойка актыўна займаецца музычнай творчасцю. Творчая спадчына кампазітара заслугоўвае асаблівай увагі і ўражвае сваёй разнастайнасцю. Назва канцэрта ў перакладзе з лацінскай мовы – розныя метады (манеры, модусы, лады) — выглядала як метафара стылёвай рознакаляровасці заяўленых у праграме твораў. На канцэрце былі прадстаўлены рознажанравыя  і  рознастылёвыя творы, як тыя, якія выконваліся раней, так і зусім новыя. Гасцям адкрылася магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчым светам кампазітара і музыкай яго душы.

Вядучымі канцэрта выступілі Ангеліна Чэх (навучэнка 2 курса спецыяльнасці “Музыказнаўства”) і Паліна Капітонава (навучэнка 3 курса спецыяльнасці “Музыказнаўства”) пад чулым кіраўніцтвам куратара канцэрта выкладчыцы каледжа музыказнаўцы  Алены Каляды. Цікава была пабудавана драматургія канцэрта.  Кожнаму твору  папярэднічаў верш, звязаны з праграмай складання. Эпіграфам да ўсяго канцэрта ўспрынялі слухачы  верш  Ніла Гілевіча пра неразрыўныя  сувязі жыцця і творчасці, музыкі і хлеба.  Далей  на працягу канцэрта гучалі вершы Валерыя Пазнякевіча, Яўгеніі Янішчыц, Рыгора Барадуліна, Юрася Пацюпы, Івана Рубіна. Паэтычныя ўступы задавалі адпаведны тон музычнаму настрою ці, шырэй, агульна-філасофскім ідэям твораў кампазітара, максімальна паглыбляючы слухача ва ўспрыманне музычнай кампазіцыі.Таксама такі ход спрыяў бесперапыннасці імпрэзы і, можна сказаць, стварыў цэлы перформанс музычна—тэатральна-літаратурнага кшалту.

Адкрыўся канцэрт п’есай “Гісторыі старога гораду”, якую выканаў аркестр саксафонаў “Belsaxo” пад кіраўніцтвам дырыжора, лаўрэата міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, выкладчыка каледжа Паўла Казака. Першапачаткова твор быў прызначаны для струннага аркестра, але ў аўтарскай рэдакцыі для аркестра саксафонаў набыў новыя фарбы і сэнсы, мабыць, з паглыбленнем гістарычнага кантэксту.

Шматграннасць творчасці  Дзмітрыя Лойкі  праяўляецца ў звароце не толькі да жанраў свецкай музыкі, але і  духоўнай. Духоўны сціх на словы Таццяны Гасцюхінай “Мілы анёл” прагучаў у выкананні мужчынскага ансамбля ў складзе Іллі Іванюка, Усевалада Рамашэўскага, Данілы Гаджамура, Бахрама Гуліева, Валерыя Скірдонава. Партыю саліста  выканаў Анатоль Табулін, кіраваў ансамблем Дзмітрый Зорын. Усе выканаўцы ў нашым каледжы асвойваюць прафесію дырыжораў акадэмічнага хору, таму, магчыма, іх інтэрпрэтацыя твора кампазітара вызначылася асабліва ўзвешаным балансам эмацыйнага і інтэлектуальнага, стрыманасці і ўзнёсласці.

Кульмінацыяй канцэрта сталась  прэм’ера твору для прэпараванага фартэпіяна і ударных “Алеаторыка”. Сам кампазітар выступіў у якасці піяніста, партыю ўдарных выканаў лаурэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, выкладчык нашага каледжа Ілля Сцяпанаў. Абодва сталыя музыканты ўразілі не толькі сваім выканаўчым майстэрствам,  ансамблевым пачуццём, але і віртуознай ансамблевай імправізацыяй. Імправізацыя ў алеатарычнай манеры, відавочна запланаваная кампазітарам, гучала  азартна і непасрэдна, ствараючыся на вачах заваражонай публікі.

Апрацоўку беларускай народнай песні “Ой па мору, мору” выканалі лаурэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, уладальнік заахвочвальнай прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі народны хор “Бліскавіца” пад кіраўніцтвам Ганны Млавідавай, народны ансамбль пад кіраўництвам Яўгена Мароза і запрошаны госць Антон Пракапцоў (інструмент дуда). Настрой гэтаму нумару праграмы задаў пранікненны верш Яўгеніі Янішцыц, а прыгожыя нацыянальныя касцюмы, задорная тэатральнасць, звонкія галасы выканаўцаў і яскравая музыка твору дадалі ў атмасферу канцэрта бліскучыя фальклорныя ноты.

Ціхім лірычным тонам быў афарбаваны заключны твор канцэрта — “Калыханка” на словы Алены Пушкінай для сапрана, віяланчэлі і фартэпіяна. Вакальную партыю выконвала лаурэат міжнародных конкурсаў Ангеліна Галаўкова, партыю віяланчэлі – Паліна Загавалка, а фартэпіяна – Анжаліка Ласіца.Спалучэнне голасу і віяланчэлі зачароўвала. Мелодыя перацякала з партыі ў партыю, не даючы выдыхнуць. А спеў вакалісткі быў такім пранікненным і пачуццёвым, што браў за душу кожнага слухача.

Напрыканцы імпрэзы герой праграмы шчыра падзякваў выканаўцам і публіцы і паабяцаў у скорым часе новыя сустрэчы з музыкай сваёй і вучняў.

Каралін Біто, Ганна Бахонька