У хуткім часе дзверы Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі, які рыхтуецца адзначыць сваё 100-годдзе, адкрыюцца перад удзельнікамі III Фестывалю-конкурсу народнай песні імя А.У.Рашчынскага «Агмень».
Фестываль-конкурс, які адбудзецца ў перыяд з 1 па 2 красавіка 2024 года, прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння Алеся Уладзiмiравiча Рашчынскага – віднага дзеяча культуры, кампазітара, харавога дырыжора, фалькларыста. Яго імя ўвайшло ў гісторыю нашага каледжа як заснавальніка аддзялення «Народныя харавыя спевы», выкладчыка i мастацкага кiраўнiка народнага хору.
Геаграфія ўдзельнікаў сёлетняга конкурсу дастаткова шырокая: гэта Бабруйск, Кобрын, Слуцк, Баранавiчы, Гомель, Ганцавiчы, Лагойск, Пiнск, Мiнск i Мiнская вобласць. Колькасць канкурсантаў падзяляецца на чатыры ўзроставыя катэгорыі: Катэгорыя А (12-15 гадоў), Катэгорыя В (16-19 гадоў) , Катэгорыя С (ад 20 гадоў) i Катэгорыя D (аўтэнтычная манера спеваў). У склад журы конкурсу ўваходзяць відныя музычныя дзеячы Беларусі і Расіі.
Праграма Фестывалю-конкурсу ўключае ў сябе не толькі конкурсныя праслухоўванні ўдзельнікаў, але і выступленні харавых калектываў i салiстаў каледжа, лаўрэатаў – удзельнiкаў I Фестывалю-конкурсу а таксама майстар-клас Аляксандра Крамко – Заслужанага артыста Рэспублiкi Беларусь, дырыжора Нацыянальнага аркестра народных iнструментаў iмя I.Жыновiча . На закрыцці Фестывалю-конкурсу прымуць удзел лаўрэаты I cтупенi ўсіх узроставых катэгорый.
Нагадваем, што Фестываль-конкурс праводзіцца ў Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.І.Глінкі ўжо ў трэцi раз. Арганізацыйную падтрымку мерапрыемству аказваюць Упраўленне культуры Мiнгарвыканкама, грамадскае аб’яднанне «Беларускi саюз кампазiтараў» i грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз музычных дзеячаў».
Спадзяемся, што гэта падзея стане не толькі яркай старонкай у юбілейным годдзе гісторыі нашага каледжа, але і сапраўдным святам для ўсіх яго ўдзельнікаў, арганізатараў, гасцей, а таксама проста аматараў музыкі і людзей, закаханых у беларускую нацыянальную культуру. Запрашаем усіх жадаючых наведаць ІII Фестываль-конкурс народнай песні імя А.Рашчынскага «Агмень».
Для отправки комментария необходимо войти на сайт.